Выстава «Жывыя, пакуль памятаем» у межах рэспубліканскай акцыі «Бялынічы — культурная сталіца Беларусі 2024»

У мастацкім музеі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі пачынае працу выстава "Жывыя, пакуль памятаем", створаная па выніках пленэра, прысвечанага 80-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Арганізатарамі пленэра выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. У пленэры прынялі ўдзел 12 аўтараў: члены Беларускага саюза мастакоў, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі Мастацтваў. Вынікі работы удзельнікаў пленэра ўвасобіліся ў створаных сучаснымі жывапісцамі творах, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Многія мастакі звярнуліся да асэнсавання вобраза дзіцяці-вязня канцэнтрацыйнага лагера – у экспазіцыі прадстаўлены псіхалагічныя партрэты дзяцей, якія бачылі жах вайны, пазбаўленых дзяцінства і вымушаных змагацца за сваё жыццё. Аўтары таксама стварылі працы-прысвячэнні героям народнага супраціву і Чырвонай Арміі.

Гэтая выстава – пра трагедыю чалавека падчас вайны. Гэта бясконцая падзяка мільёнам людзей, якія змагаліся за нашу будучыню. Напамін людзям пра тое, як важна захоўваць гістарычную памяць, і пра тое, што жыццё мёртвых працягваецца ў памяці жывых.

Выстава стане фінальным мерапрыемствам у рамках рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі 2024" і будзе працаваць ў мастацкім музеі па 8 студзеня 2025 года.

282